Пра нас

Установа культуры “Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей” адзін са старэйшых і буйнейшых музеяў Рэспублікі Беларусь. Музей быў заснаваны ў 1920 г., а ў 1922 г. адкрыты для наведвальнікаў і займаў на той час тры пакоі ў будынку староства.
Пазней магістрат перадаў музею памяшканні Старога замка – каралеўскага палаца XVI ст. Стары замак у Гродне быў узведзены ў стылі рэнесансу для караля Стэфана Баторыя дойлідам Санці Гучы з Фларэнцыі на рэштках абарочых сцен, вежаў і падмуркаў замка вялікага князя Вітаўта. На першым паверсе замка было 10 скляпеністых памяшканняў, дзе размяшчаўся арсенал, канцэлярыя, скарбніца і іншыя службы. Другі паверх займалі каралеўскія пакоі – парадныя і жылыя, аб’яднаныя ў тыпавую парадную анфіладу. У атыку знаходзіліся памяшканні трэцяга паверха. На працягу наступных стагоддзяў палац некалькі разоў быў моцна пашкоджаны, перабудоўваўся, адбылося і спрашчэнне яго архітэктурных рысаў.
У 1930-я гг. на Замкавай гары, у гістарычным цэнтры горада, захавальнікам музея Ю.Ядкоўскім падчас археалагічных раскопак былі адкрыты руіны каменных пабудоў XII–XVII стст. Музейны збор значна папоўніўся за кошт археалагічных знаходак.
Падчас Вялікай Айчыннай вайны праца музея была спынена, палац пацярпеў ад артабстрэлаў, гарэў. Музей аднавіў працу ў 1944 г. і атрымаў статус абласнога, а ў 1945 г. стаў Гродзенскім дзяржаўным гісторыка-археалагічным музеем. Яго філіялам стаў і гарадскі прыродазнаўчы музей, які ў 1950-х гг. быў пераведзены ў Стары замак і стаў аддзелам прыроды краю. На працягу 1940-1980-х гадоў у Старым замку былі створаны 6 генеральных экспазіцый аддзелаў гісторыі і прыроды краю (21 зал).
На тэрыторыі Замкавай гары можна ўбачыць руіны помніка гродзенскай архітэктурнай школы XII ст. — Ніжнюю царкву ХІІ ст. і рэшткі абарончых сценаў Верхняга замка часоў Вітаўта. Гродзенскі Стары замак у 1967 г. быў абвешчаны гісторыка-археалагічным запаведнікам “Замкавая гара”.
У 1991 г. музей атрымаў Новы замак – каралеўскі палац, помнік архітэктуры ракако. Будаўніцтва Новага замка, спраектаванага К.Ф.Пёпельманам, доўжылася з 1737 па 1742 год. Ён быў узведзены на суседнім з Замкавай гарой узвышшы, насупраць Старога замка. План палаца меў выгляд літары “П” і ствараў вялікі парадны ўнутраны двор – курданёр. Галоўны ўваход вёў у вялікую Залу Варты, упрыгожаную фрэскавым роспісам. Побач знаходзіліся першая прыёмная караля (Авальная зала), Сенатарская і Пасольская залы. Усе яны былі шыкоўна аздоблены ляпнымі картушамі і ракайлямі, фрэскавай імітацыяй архітэктурных дэталяў. Каралеўскія апартаменты знаходзіліся ў правым крыле палаца, а ў левым – памяшканні для прыдворных.
Цяпер тут размяшчаюцца музейныя экспазіцыі, якія знаёмяць наведвальнікаў з шэрагам калекцый музея: зброі, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, заалагічнай і энтамалагічнай, а таксама выставачныя залы.
У 1994 г. быў створаны Музей гісторыі Гарадніцы (вул. Э. Ажэшкі). Ён месціцца ў асобным будынку, узведзеным у другой палове XVIIІ ст., які з’яўляецца адзіным уцалелым будынкам з дваццаці так званых “басняцкіх дамоў” (“баснякі” – вайсковая варта Гродзенскай каралеўскай эканоміі). “Басняцкі дом”, ці Дом майстра – прыклад першай на Беларусі тыпавой жылой забудовы, помнік рэспубліканскага значэння.
З сакавіка 2014 г. Гродзенскаму гісторыка-археалагічнаму музею перададзены Музей М.Багдановіча і сёння дзейнічае як літаратурны аддзел. Экспазіцыя аддзела размешчана ў драўляным доме пабудовы 1888 г., які з’яўляецца помнікам гісторыі мясцовага значэння і ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь у складзе гістарычнага цэнтра г.Гродна. У экспазіцыі прадстаўлены матэрыялы, якія апавядаюць аб жыцці і творчасці выдатнага беларускага паэта М.Багдановіча, літаратурна-грамадскім руху на Беларусі ў канцы XІХ – пачатку ХХ стст., творчай спадчыне таленавітых паэтаў і пісьменнікаў Гродзеншчыны, а таксама прадметы гарадскога побыту канца XІХ – пачатку ХХ стст.
Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей з’яўляецца абласным навукова-метадычным цэнтрам па стварэнні грамадскіх і дзяржаўных музеяў, кіраўніцтву рознымі бакамі іх дзейнасці, павышэнні кваліфікацыі супрацоўнікаў дзяржаўных музеяў вобласці.