Мерапрыемствы

Штогод у Гродзенскім дзяржаўным гісторыка-археалагічным музеі ладзяцца святочныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да Міжнароднага дня музеяў. У адрозненні ад іншых музеяў Беларусі, якія праводзяць толькі “Дзень у музеі” ці толькі “Ноч у музеі”, наш музей – адзіны з праектам “Дзень і ноч у музеі”. Наведвальнікі маюць магчымасць пазнаёміцца як з экспазіцыямі музея, так і з выстаўкамі, якія дзейнічаюць на той момант, прыняць удзел у мерапрыемствах, якія праводзяцца на тэрыторыі Старога і Новага замкаў.
Фінальным акордам праграмы 2008 г. сталі выступленне клуба славянскіх адзінаборстваў “Арыдан” і выступленне эстрадна-сімфанічнага аркестра пад кіраўніцтвам Б.Мягкова з канцэртнай праграмай “Толькі джаз”. У 2009 г. у фінале вячэрняй праграмы была прадстаўлена музычная кампазіцыя па матывах рок-оперы Э.Л. Уэбера і Т. Райса “Ісус Хрыстос – суперзорка” ў выкананні навучэнцаў Педагагічнага каледжа г. Гродна. Пастаноўка Гродзенскага абласнога тэатра лялек у 2010 г. “Трагедыя пра Макбета” У.Шэкспіра (рэжысура і сцэнаграфія А.Жугжды) прынесла сапраўдную асалоду гледачам, якія ўбачылі яе на руінах замка Вітаўта. У наступным годзе музей падрыхтаваў свята пад назвай “Таямніцы азарту”. Наведвальнікі мелі магчымасць пазнаёміцца з гісторыяй гульняў на выставе, якая працавала толькі ў гэты вечар; убачыць фокусы, шоў бодзі-арт; даведацца, як раскладваюць ігральныя карты прафесійныя круп’е. Вячэрняя праграма 2012 г. называлася “Ноч веера і рэверанса”, у 2013 г. гледачам была прапанавана праграма “Усходняя ноч у Новым замку”.
З мэтай шырокага далучэння музея да выхаваўчага працэсу ў навучальных установах горада і вобласці, уплыву на фарміраванне трывалых суадносін музея і юнацка-маладзёжнай аўдыторыі музей арганізуе і праводзіць розныя конкурсы.
“Музей у фарбах” – конкурс дзіцячай творчасці сярод навучэнцаў мастацкіх школ, школ і класаў з мастацкім ухілам, цэнтраў пазашкольнай выхаваўчай працы г. Гродна.
Наш музей выступае ініцыятарам маладзёжнага фотаконкурсу “Музей праз фотааб’ектыў”, які праводзіцца з мэтай прыцягнуць увагу і выклікаць творчае стаўленне маладога пакалення да сучаснага музея, а таксама дапамагчы маладым фотааматарам раскрыць асабісты творчы патэнцыял, развіць індывідуальныя здольнасці і эстэтычны густ. Працы пераможцаў конкурсу прымаюць удзел у Міжнародным конкурсе “Музейныя спатканні”, што праходзіць у г.Кашаліне (Польшча).
“Галасы гісторыі”– абласны краязнаўчы конкурс для вучняў 8-10 класаў і ўдзельнікаў краязнаўчых гурткоў вобласці. Праводзіцца сумесна з Гродзенскім цэнтрам турызму і краязнаўства з мэтай пашырэння і актывізацыі краязнаўчага руху сярод навучэнцаў і педагогаў ва ўстановах адукацыі вобласці, фарміравання беражлівых адносін да прыроднай і культурнай спадчыны роднага краю, захавання гістарычнай памяці і традыцый беларускага народа.
У сакавіку 2014 г. быў аб’яўлены конкурс дызайнерскага майстэрства “Квіток у музей”.Удзел у конкурсе маглі прыняць дызайнеры, мастакі і проста крэатыўныя, творчыя, неардынарныя і таленавітыя людзі, дасягнуўшыя 18-гадовага ўзросту, якія б хацелі паспрабаваць стварыць незабыўны, яскравы, цікавы, запамінальны ўваходны квіток.
Урачыстая рэгістрацыя шлюбу – паслуга, якая адбываецца па папярэдняй дамоўленасці ў інтэр’ерах Новага замка. Каралеўскі палац XVIІІ ст. – незвычайнае месца для заключэння шлюбу. Колькі стагоддзяў таму сцены палаца былі сведкамі значных гістарычных падзей. А ў сучасныя дні дзверы каралеўскай рэзыдэнцыі гасцінна адчынены для ўсіх закаханых, якія жадаюць з’яднаць свае лёсы ў апартаментах яго вялікасці Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Гасцей сустракаюць яснавяльможныя гаспадары каралеўскай рэзыдэнцыі, а інтэр’еры палаца робяць цырымонію рэгістрацыі шлюбу яшчэ больш узнёслай, урачыстай і незабыўнай.
Супрацоўнікамі музея распрацаваны сцэнарый мерапрыемства “Дзень нараджэння ў музеі” для дзяцей 6-10 гадоў.
У музеі ў рамках Усебеларускага фестывалю нацыянальных культур адбываюцца вернісажы, ладзяцца літоўскі і польскі “падворкі” на тэрыторыі адпаведна Старога і Новага замкаў, дзе можна паслухаць і паглядзець выступленні розных мастацкіх калектываў, набыць творы народных майстроў, пакаштаваць стравы нацыянальнай кухні.
Тройчы на год праходзіць выстаўка-кірмаш “Свет самацветаў”, дзе можна атрымаць кансультацыі і набыць розныя вырабы са срэбра, мельхіёру, натуральнага каменю, дрэва і інш.
У музеі ладзяцца разнастайныя канферэнцыі, прэзентацыі, канцэрты, літаратурна-музычныя вечарыны, прымеркаваныя да найбольш значных гістарычных, культурных і літаратурных падзей і з’яваў у грамадстве. У 2011 г. у Музеі М.Багдановіча сумесна з іншымі ўстановамі культуры і адукацыі Гродзенчшыны былі праведзены мерапрыемствы, прымеркаваныя да 120-годдзя з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры М. Багдановіча. У кастрычніку 2013 г. у Новым замку была праведзена канферэнцыя “Гродна часоў Стэфана Баторыя”, прымеркаваная да 480-годдзя з дня нараджэння вялікага князя літоўскага і караля польскага С.Баторыя.
Такім чынам, музей імкнецца ўключыць у сваю дзейнасць як асветніцка-выхаваўчыя, так і дасугавыя формы працы, якія могуць зацікавіць і турыстычныя групы, як з Беларусі, так і з Расіі, Польшчы, Літвы, Германіі і інш.