Экспазіцыя

Галоўнай адукацыйнай прасторай музея з’яўляецца яго экспазіцыя. Падрыхтоўка і адкрыццё пастаяннай экспазіцыі стымулюе развіццё асноўных відаў дзейнасці музея.
Сучасная экспазіцыя Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея размяшчаецца ў чатырох будынках: каралеўскіх палацах ХVІ і ХVІІІ стст., у так званых Старым і Новым замках, “басняцкім” доме ХVІІІ ст. на Гарадніцы (Музей гісторыі Гарадніцы), драўляным доме пабудовы 1888 г. (Музей М.Багдановіча).
Асноўная частка экспазіцыі музея размешчана ў Старым замку і прадстаўлена аддзеламі археалогіі, гісторыі і прыроды Гродзеншчыны, а таксама адной з выставачных залаў музея.
У экспазіцыі “Старажытнейшыя помнікі Панямоння Х тыс. да н.э. – ХІІ ст. н.э.” аддзела археалогіі адлюстраваны асноўныя этапы засялення Беларускага Панямоння, паказаны характэрныя асаблівасці матэрыяльнай культуры плямёнаў, якія засялялі тэрыторыю рэгіёна на працягу каменнага, бронзавага, жалезнага вякоў. Экспануюцца крамянёвыя канкрэцыі, нуклеусы, сякеры, наканечнікі стрэлаў, выклікаюць цікавасць косткі маманта, чэрап шарсцістага насарога, шарападобная амфара, бронзавы кельт.
У першых залах аддзела гісторыі прадстаўлены матэрыялы аб палітычным і эканамічным развіцці нашага края, адлюстраваны найбольш значныя ў рэгіёне падзеі мірнага часу і ваеннай гісторыі розных стагоддзяў, гісторыя гродзенскіх замкаў, а таксама распавядаецца пра лёсы дзяржаўных дзеячаў, вядомых асоб. Сярод адметных экспанатаў – даравальныя граматы, складзеныя на старабеларускай мове ў пачатку ХVІ ст., цырыманіяльны ключ Гродна, крэслы ХVІІ ст. з мэблі гродзенскага каралеўскага палаца, арнаты з тканін гродзенскай і ружанскай мануфактур, сонечны гадзіннік (1781 г.). Аб падзеях Паўночнай вайны нагадвае руская гармата, адлітая ў 1701 г. майстарам Логінам Жыхаравым. Гонарам экспазіцыі з’яўляецца шаўковы пояс, вытканы на персіярні Яна Пасхаліса ў Ліпкаве (каля Варшавы). Сведкамі розных гістарычных падзей на Гродзеншчыне з’яўляюцца: вышыўка бісерам з выявай касінера, мундзір афіцэра Гродзенскага гусарскага палка, пуцявыя запіскі паўстанца, сасланага ў Сібір, нагрудны знак члена Гродзенскай гарадской управы, прыжыццёвыя выданні і асабістыя рэчы дзеячаў навукі, літаратуры і культуры Гродзеншчыны – А.Макавельскага, А.Міцкевіча, Э.Ажэшкі, М.К.Агінскага.
У экспазіцыйных залах, прысвечаных падзеям Вялікай Айчыннай вайны, падрабязна адлюстраваны: абарона Гродна летам 1941 г., акупацыйны рэжым, партызанскі рух, аперацыя “Баграціён”. Экспануюцца зброя, ваенны рыштунак, дакументы, фотаздымкі, узнагароды ўраджэнцаў Гродзеншчыны, удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны – С.Варкова, М.Паўлоўскага, А.Антонава, В.Сакалоўскага.
Экспазіцыя “Гродзенцы ў Афганскай вайне” была створана ў 2011 г. і прысвечана грамадскаму ўкладу Афганістана, жыццю краіны ў 1979-1989 гг., удзелу ў Афганскай вайне салдат і афіцэраў Гродзеншчыны. Цэнтральнае месца экспазіцыі – своеасаблівы гродзенскі “востраў слёз” з фотаздымкамі загінуўшых у Афганістане.
Экспазіцыя аддзела прыроды, размешчаная ў 6-ці залах, знаёміць наведвальнікаў з развіццём жыцця на Зямлі, асаблівасцямі мясцовай прыроды, разнастайнасцю расліннага і жывёльнага свету Прынёманскага краю. Тут можна ўбачыць палярную саву, чорнага бусла, шэрага жураўля, кнігаўку, белагаловага сіпа, высакароднага аленя, лася, зуброў.
У Новым замку дзейнічаюць наступныя экспазіцыі: “Захаваныя каштоўнасці”, “Зброя мінулых стагоддзяў”, “Дзівосны свет прыроды”, “Старадаўні інтэр’ер” і выставачныя залы – Сенатарская, Авальная і капліца.
У экспазіцыі “Захаваныя каштоўнасці” прадстаўлены творы мастацтва і гістарычныя рэліквіі ХVІ – пач. ХХ ст., якія былі канфіскаваны супрацоўнікамі Гродзенскай рэгіянальнай мытні. Сярод твораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва – гадзіннікі ХVІІІ-ХІХ стст. Калекцыя фарфору прадстаўлена дробнай пластыкай і сталовым посудам вытворчасці мануфактур Мэйсэна і Німфенбурга, Берлінскай Каралеўскай фарфоравай мануфактуры, Санкт-Пецярбургскага Імператарскага фарфоравага завода. З калекцыі срэбраных вырабаў экспануецца элегантны сталовы посуд Англіі, Францыі і Расіі ХVІІІ-ХІХ стст. Прадстаўлена і культавая праваслаўная медналітая пластыка – іконы, складні, крыжы-распяцці, дэманструюцца творы заходнееўрапейскага і рускага жывапісу, дакументальныя матэрыялы, якія належалі прадстаўнікам дынастыі Раманавых.
У экспазіцыі “Зброя мінулых стагоддзяў” дэманструюцца ўзоры ўзбраення ХІ – пач. ХХ стст., сярод якіх разнастайныя віды халоднай і агнястрэльнай зброі, даспехі, мундзіры і ўзбраенне войска Вялікага Княства Літоўскага, Расійскай арміі і краін Усходу.
У аснову экспазіцыі “Дзівосны свет прыроды” пакладзена прыватная калекцыя Станіслава Жыўны, якую ён у 1924 г. падараваў музею. Экспануюцца ракавінкі малюскаў, каралы, трапічныя матылі, пінгвіны, кенгуру, калібры.
Экспазіцыя “Старадаўні інтэр’ер” дэманструе калекцыю мэблі і прадметаў інтэр’еру, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, скульптуры, жывапісу, графікі ХVІІ – пач. ХХ стст.
Экспазіцыя Музея гісторыі Гарадніцы прысвечана дзейнасці гродзенскага старосты і падскарбія надворнага літоўскага Антонія Тызенгаўза, які імкнуўся ператварыць Гродна ў буйны прамысловы, навуковы і культурны цэнтр. Наведвальнікі маюць магчымасць пазнаёміцца з вырабамі Гродзенскіх Каралеўскіх мануфактур другой паловы ХVІІІ ст. – фрагментам Гродзенскага пояса, залатымі і срэбранымі галунамі, шклянымі “ромерамі”.
У экспазіцыі Музея Максіма Багдановіча дэманструюцца дакументы, фотаздымкі, рукапісы, кнігі, асабістыя рэчы, якія належалі класіку беларускай літаратуры М.Багдановічу, яго родным і знаёмым, выдатным паэтам і літаратарам кан. ХІХ – пач. ХХ стст., таленавітым паэтам Гродзеншчыны. Гонарам экспазіцыі з’яўляюцца – рамка-паспарту і срэбная гарбатная лыжачка, якія належалі М.Багдановічу, куфэрак Марыі Апанасаўны, маці паэта. Значнасць экспазіцыі музея надаюць чатыры мемарыяльныя пакоі, у якіх прадстаўлены прадметы мэблі, інтэр’еру і прадметы побыту кан. ХІХ – пач. ХХ стст.
У выставачных залах штогод экспануюцца выстаўкі як з фондаў нашага музея, так і са збораў беларускіх і замежных музеяў, іншых устаноў і прыватных асоб, прымеркаваныя да значных гістарычных і культурных падзей, прысвечаныя выбітным асобам і дзеячам, лёсы якіх звязаны з Гродзеншчынай.
Да 110-годдзя з дня нараджэння заснавальніка і першага дырэктара музея Юзафа Ядкоўскага і да 90-годдзя стварэння музея была прымеркавана выстаўка “Прысвячэнне заснавальніку”. На выстаўцы ўпершыню экспанавалася нумізматычная калекцыя музея, збор якой і быў распачаты Ю.Ядкоўскім.
Выстаўка “Кніжныя скарбы музея” (кнігазбор графа Вандаліна Пуслоўскага і графіні Марты Красінскай) прадаставіла магчымасць пазнаёміцца з прадстаўнікамі роду Пуслоўскіх, з найбольш каштоўнымі выданнямі XV–XIX стст., перададзенымі ў дар музею ў 1924 г.
Да 70-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны была прымеркавана выстаўка “Без грыфа “Сакрэтна”, на якой экспанаваліся дакументы і рэдкія фотаздымкі Гродна першых дзён вайны, вайсковая форма і зброя Чырвонай і нямецкай армій.
Сумесна з Шаўляйскім музеем “Аўшрос” (Літва) была арганізавана выстаўка “Паўстанне 1863 года: твары, імёны, гісторыі”, прымеркаваная да 150-годдзя паўстання пад кіраўніцтвам К.Каліноўскага. Экспанаваліся фотаздымкі Кастуся Каліноўскага, Людвіга Серакоўскага, ксяндза Антанаса Мацкявічуса, рэчы, зробленыя паўстанцамі ў сібірскай высылцы, рукапісныя сшыткі з дзённікавымі запісамі і вершамі паўстанцаў і інш.
Гісторыі археалагічных даследаванняў Гродна і цікавым знаходкам X – пач. ХХ стст. прысвечана выстаўка “Гродзенская Троя”.
Вялікім попытам карысталіся выстаўкі з музейнага збору “На Гродзенскім пероне” (Да 150-годдзя беларускай чыгункі), “Каменная кніга прыроды”, “Жывая планета”.
Нацыянальным Шведскім Музеем Ваеннай Гісторыі і Арміі была прадастаўлена выстаўка “Рэчы паміж жыццём і смерцю”. На ёй экспанавалася звыш тысячы прадметаў, якімі карысталіся салдаты еўрапейскіх і амерыканскай армій у часы Першай і Другой сусветных войнаў.
Мастацкія выстаўкі прэзентуюць творы заслужаных класікаў мінулага і сучасных мастакоў Беларусі, Польшчы, Украіны, Расіі. На выстаўцы “Залаты век беларускага мастацтва” былі прадстаўлены творы мастакоў Беларусі ХІХ – першай паловы ХХ ст. са збораў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь і з фондаў Гомельскага палацава-паркавага ансамбля.
Адметнымі і цікавымі з’яўляюцца выстаўкі ў Музеі гісторыі Гарадніцы, якія дэманструюць творчасць сучасных народных майстроў Гродзеншчыны.