Фонды музея

Фонд музея пачаў фарміравацца ў сакавіку 1920 г., калі Камісія апекі над помнікамі мастацтва і культуры пры Гродзенскім павятовым упраўленні распачала пошук і збор помнікаў гісторыі і культуры для фондаў дзяржаўнага музея. Музейны збор быў вельмі разнастайны: старажытная кафля, вырабы гродзенскіх мануфактур, партрэты каралёў і магнатаў, жывапіс на рэлігійную тэматыку, абразы, дываны ў тэхніцы падвойнага ткацтва і народныя паясы, поразаўская чорназадымленая кераміка, дакументы XV – XVII стст., кнігі XV – XIX стст. Сваёй значнасцю ўжо тады вылучалася археалагічная калекцыя. Падчас Другой сусветнай вайны частка калекцый была разрабавана.
У пасляваенны час тэматыка камплектавання значна пашырылася за кошт матэрыялаў аб падзеях войнаў ХХ ст., знакамітых земляках, дзеячах навукі і культуры, прамысловасці Гродзенскай вобласці. У музейны фонд былі ўключаны калекцыі гарадскога музея прыроды.
Музейны збор інтэнсіўна папаўняецца матэрыяламі археалагічных даследаванняў, творамі выяўленчага мастацтва, рэдкімі выданнямі. Фондавыя калекцыі ахопліваюць увесь спектр краязнаўчай тэматыкі. Акрамя таго зберагаюцца помнікі гісторыі і культуры Цэнтральнай і Заходняй Еўропы.
У асноўным фондзе музея налічваецца звыш 188000 адзінак захоўвання, у навукова-дапаможным – больш за 30000 адзінак. Музейны фонд складаецца з 54 калекцый.
Фонд археалогіі – гэта пятая частка музейнага збору. Ён складаецца з пяці калекцый: “Археалогія каменнага і бронзавага вякоў”, “Археалогія жалезнага веку”, “Археалогія Сярэднявечча”, “Археалогія Новага часу”, “Археалагічная дакументацыя”. Пераважная частка фонду – гэта матэрыялы археалагічных раскопак на тэрыторыі Гродзенскай вобласці: каменныя прылады працы з розных мясцін Панямоння, прадметы з раскопак гарадзішча Гарані, раскопак на Замкавай гары і каля Барыса-Глебскай царквы ў Гродне, курганных могільнікаў Крэўскага, Лідскага і Мірскага замкаў. Акрамя мясцовых матэрыялаў фонд утрымлівае прадметы з Друскенінкая (Літва), Аўгустова, Сувалак і Суража (Польшча), некалькі знаходак з Пампеі і Карфагена, каменныя наканечнікі стрэл і коп’яў з Паўночнай Амерыкі.
Раздзел этнаграфіі прадстаўлены наступнымі калекцыямі: “Этнаграфічнае адзенне і абутак”, “Этнаграфічныя прылады працы”, “Этнаграфічныя рэчы хатняга ўжытку”. У калекцыях прадстаўлены: мужчынскія і жаночыя кашулі з ільнянога палатна з вышываным чорна-чырвоным узорам, фартухі, спадніцы, андаракі, камізэлькі, наміткі, хусткі, чапцы, сельскагаспадарчыя прылады працы і інш. Значнае месца (больш за 60 адзінак) адведзена тканым ручнікам Гродзеншчыны (кан. ХІХ – сяр. ХХ стст.), у якіх сустракаюцца амаль усе віды перапляцення, характэрныя для ручнога ткацтва Беларусі.
У фонд нумізматыкі ўключаны калекцыі: “Нумізматыка”, “Баністыка”, “Фалерыстыка”. У калекцыі “Нумізматыка” прадстаўлены манеты Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай XV – XVIII стст., манеты Расіі XVI – пач. XX стст. і СССР, 19 манетных скарбаў, знойдзеных у Гродне і на тэрыторыі Гродзеншчыны. Калекцыя “Баністыка” ахоплівае перыяд ад грашовых знакаў часоў паўстання Т.Касцюшкі да сучасных грошай і складаецца з асігнацый Расійскай Імперыі, Польшчы, Германіі, СССР і Рэспублікі Беларусь.
У калекцыі “Зброя і боепрыпасы” прадстаўлены: мячы Х-XVI стст. старажытнарускага перыяду, Вялікага Княства Літоўскага; палашы, шаблі і цесакі XVII – ХХ ст. Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай, Заходняй Еўропы, Расійскай Імперыі, Усходу; гакаўніца, гарматы, марціры, ружжы і пісталеты розных сістэм і часоў вытворчасці Рэчы Паспалітай, заходнееўрапейскіх краін, Расійскай Імперыі, ЗША, таксама зброя Першай і Другой сусветных войнаў і інш.
У фонд “Друкаваныя выданні” ўключаны калекцыі: “Рэдкія кнігі”, “Рэдкія перыядычныя выданні”, “Рукапісныя кнігі”, “Ліставыя выданні”. Гэта выданні XV – XXІ стст. на лацінскай, старажытнагрэчаскай, старанямецкай, стараславянскай, польскай, французскай, беларускай, рускай і іншых еўрапейскіх мовах. Сярод найбольш каштоўных прадметаў 3 інкунабулы і 29 палеатыпаў.
У калекцыі “Дакументы” — ­рукапісныя матэрыялы на старабеларускай, польскай, лацінскай і інш. мовах, на паперы і на пергаменце. Сярод іх прывілеі вялікіх князёў літоўскіх, каралёў польскіх – Жыгімонта Старога, Стэфана Баторыя, Уладзіслава IV Вазы, Аўгуста ІІ і інш. Найбольш раннім дакументам з’яўляецца акт 1507 года, падпісаны Аляксандрам Ягелончыкам. Значную групу складаюць фамільныя архівы XVI-XX стст. Ажахоўскіх, Пачобутаў, Агінскіх, князёў Чацвярцінскіх, прыватныя акты шляхты і мяшчан XV – пач. XX стст. і іх тагачасныя копіі, лісты прыватных асобаў, гарадскіх і цэхавых уладаў, інвентары касцёлаў, цэркваў і кляштараў.
Значную каштоўнасць уяўляе калекцыя “Рукапісы”: лісты і дзённікі беларускіх пісьменнікаў В.Быкава, М.Васілька, П.Глебкі, Я.Коласа, ДЛ.Геніюш, М.Танка, Я.Маўра, В.Таўлая, Бічэль-Загнетавай, польскай пісьменніцы Э.Ажэшкі і інш. Цікавасць прадстаўляюць краязнаўчыя нататкі заснавальніка музея Ю.Ядкоўскага аб гісторыі Гродна, Вільні і іншых мясцовасцей Гродзеншчыны.
Фотафонд прадстаўлены вялікай колькасцю фотаздымкаў амаль усіх гродзенскіх фотамайстэрняў кан. XIX – пач. XX стст: І.Г.Запольскага-Доўнара, Л.Казлоўскага, І.І.Садоўскага, З.Карасіка, М.Рубінштэйна, К.Мараўскага, Л.М.Гельгора і інш. Асноўную частку складаюць фотаздымкі, якія апавядаюць аб гісторыі Гродна, гістарычных падзеях, якія ў ім адбываліся, выдатных людзях гродзенскай зямлі: фотаархівы сям’і Багдановічаў, Рамана Салаўя, Ісаака Капіцы, сям’і Лёкантаў і Каладзінскіх.
У мастацкіх калекцыях прадстаўлена заходнееўрапейская графіка XVII – XX стст., меднае ліццё XVI – XIX стст. У калекцыі “Жывапіс” — творы В.Мазуроўскага, Ю.Клевера, Л.Лагорыо, Р.Фалька, К.Малевіча, беларускіх мастакоў П.Сергіевіча, В.Цвіркі, Л.Шчамялёва, А.Марачкіна, К.Качана, І.Пушкова, М.Плужніка, В.Савіцкага, В.Шчарбакова, В.Кудраўцава, У.Голуба, А.Багустава, М.Бандарчука, У.Качана, В.Ільіной, С.Янкоўскага, С.Грыневіча, А.Сільвановіча і інш. Гонарам калекцыі “Графіка” з’яўляюцца творы А.Ван Дэйка. Калекцыя “Абразы” прадстаўлена абразамі XVIIІ – пач. ХХ стст.,  выкананых у асноўным рускімі іканапісцамі наўгародскай, маскоўскай, смаленскай, растова-суздальскай школ. У калекцыі “Дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва” — асобныя ўзоры вырабаў буйнейшых фарфоравых мануфактур Германіі (Мейсана, Берліна), Расіі (Імператарскі фарфоравы завод, завод Гарднера). Несумненную цікавасць уяўляюць кунтушовы пояс XVIIІ ст. з майстэрні Яна Пасхаліса ў Ліпкаве (пад Варшавай) і літургічны посуд XVII – XVIIІ стст.
Фонд прыродазнаўчай гісторыі прадстаўлены пяццю калекцыямі: “Пазваночныя” (зубры, белы мядзведзь, сайгакі, шымпанзэ, леў, манулы, марабу, журавель-красаўка, кракадзілы, ігуана і інш.), “Беспазваночныя” (малюскі, матылі экзатычныя і мясцовыя, жукі, ракападобныя), “Расліны” (гербарыі і муляжы), “Геалогія” (горныя пароды, мінералы), “Палеанталогія” (адбіткі раслін на вугалі, акамянеласці, адбіткі малюскаў у пародах, косці маманта і шарсцістага насарога). Фонды аддзела прыроды фарміраваліся першапачаткова з прывезенай калекцыі Ст.Жыўна з Амерыкі (1924 г.) і матэрыялаў заснаванага ў Гродне музея прыроды.
У музейным зборы шырока прадстаўлены калекцыі “Бытавыя рэчы асабістага і хатняга ўжытку”, “Карты і планы”, “Плакаты і афішы”, “Музычныя інструменты”, “Паштоўкі” і інш.