Name | Пояс |
Author | майстэрня Пасхаліса Якубовіча |
Year of establishment | ІІ-я палова XVIII ст. |
Place of establishment | Рэч Паспалітая, Ліпкава |
Description
- Пояс слуцкага тыпу аднабаковы двухвонкавы. Тканы з залатой і срэбранай ніці на шаўковай аснове. Колеры: цёмна-карычневы, белы, кармінны, блакітны, салатавы, палевы, залацісты. У галаве пояса вытканы па тры гваздзікі, ад сцябла якіх адыходзяць галінкі з белымі, блакітнымі кветкамі і ягадкамі карміннага колеру. Сярэднік – чаргаванне палос двух тыпаў. Адна з іх падзелена напалову па колеры: белага і карміннага. На ёй вытканы раслінна-геаметрычны арнамент. Другая паласа залацістага колеру, з ланцужком з блакітных і кармінных кветак, злучаных зялёнымі галінкамі. Асноўныя палосы падзяляе паміж сабой вузкая палоска з залатымі ромбамі. Шлячок арнаментаваны галінкамі з блакітнымі і карміннымі кветкамі, на іх размясціліся птушкі, якія нагадваюць папугая. Унізе выткана імя ўладальіка майстэрні: "Paschalis" на лацінскай мове. На канцах пояс абшыты залатымі махрамі. Пасхаліс Якубовіч – армянін, родам з Малой Азіі, з 1791 г. пасяліўся ў Рэчы Паспалітай, быў купцом, гандляваў у Варшаве ўсходнімі таварамі, заснаваў тут персіярню. Другая персіярня была заснавана пад Варшавай у фальварку Ліпкава. У далейшым, персіярня з Варшавы была перавезена ў Ліпкава і аб’яднана з ужо існаваўшай тут мануфактурай.
Intresting info
выраб слуцкіх паясоў жанчынамі, паэтычна апісаны Максімам Багдановічам у вершы “Слуцкія ткачыхі”, – вымысел паэта. Паколькі гэта праца патрабавала значных фізічных намаганняў, на персіярнях працавалі выключна мужчыны. “I тчэ, забыўшыся, рука/ Замiж персiдскага узора/ Цьвяток радзiмы васiлька…” – таксама вымысел паэта. Даследчыкі сцвярджаюць, што iмправiзацыя ў працэсе ткацтва паясоў выключалася, і на паясах вытканы не васількі, а матыў усходняй гваздзікі.
Available on exposure | так |
Collection | Экспазіцыя Старога замка, зала 3 |