Музейна-адукацыйныя праграмы

Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей прапануе штогод разнастайную тэматыку экскурсій, лекцый, заняткаў для розных узроставых катэгорый наведвальнікаў (дашкольнікі, школьнікі пачатковых, сярэдніх і старэйшых класаў, навучэнцы сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, каледжаў, тэхнікумаў, студэнты вышэйшых навучальных устаноў, дарослыя).
Для школьнікаў прапаноўваецца абанементнае абслугоўванне. Кожны абанемент складаецца з некалькіх заняткаў на розныя тэмы адпаведна кожнай узроставай групе наведвальнікаў. Найбольшым попытам карыстаюцца заняткі: “Жыццё старажытных людзей”, “Сведкі вячыстай славы”, “Як да нас прыйшла кніга”, “Звяры і птушкі ў беларускіх казках”, “Домік у моры”, “У госці да Нептуна”, “Віды мастацтва”, “Падарожжа ў краіну Пошта”, і інш.
Лекцыі, экскурсіі, заняткі адбываюцца на працягу вызначанага ў абанеменце месяца ў зручны для заказчыка дзень па папярэдняй дамоўленасці. Усім, хто набыў абанемент, у якасці падарунка музей дае права бясплатнага наведвання адной з часовых выставак у музеі па выбару настаўніка.
Супрацоўнікамі музея распрацавана эксперыментальная праграма “Гродназнаўства” для вучняў 2-8 класаў, пабудаваная з улікам узроставых і псіхалагічных асаблівасцей дзіцячай аўдыторыі: вызначаны метадычныя прыёмы, формы працы, праблематыка, заарыентаваныя на вучняў пэўнага ўзросту. Мэтай стварэння гэтай праграмы, якая знаёміць з гісторыяй і культурай г. Гродна ад старажытных часоў да сучаснасці, з’яўляецца фарміраванне духоўнага светапогляду грамадзяніна-патрыёта свайго роднага горада, які будзе не толькі ганарыцца пакінутай яму гісторыка-культурнай спадчынай, але і берагчы яе. Стаўка была зроблена менавіта на эфектыўнасць музейнага асяроддзя. Базай для атрымання школьнікамі ведаў павінен быў стаць музей, яго экспанаты, помнікі гісторыі і культуры горада. Менавіта такое асяроддзе дапамагае атрымаць веды аб рэчавым свеце мінулых стагоддзяў, стварае найлепшыя эмацыянальныя ўмовы для вандроўкі ў мінулае, падтрымлівае цікавасць да ведаў. (Напрыклад, “Казка старога горада”, “Давыд Гарадзенскі – абаронца гродзенскай зямлі”, “Гарадзенцы ў барацьбе з крыжакамі”, “Вітаўт Вялікі – валадар Гродна”, “Стэфан Баторый і Гродна”, “Птушкі нашага краю”, “Старая кватэра”, “Максімаў домік у Гародні”, “Гродзенская архітэктурная школа” і інш.).
У складзе праграмы не толькі традыцыйныя формы культурна-асветніцкай дзейнасці, як, напрыклад, экскурсіі, лекцыі, заняткі, а таксама асобны цыкл “Гарадзенскія вандроўкі”, які спецыяльна распрацаваны для вучняў старэйшых класаў. Мэтай праграмы “Гарадзенскія вандроўкі” з’яўляецца знаёмства з унікальнымі помнікамі архітэктуры і стварэнне цэласнага ўяўлення аб гісторыі і культуры г.Гродна праз вандроўкі па яго вуліцах і плошчах: “Вандроўка па Гарадніцы”, “Вандроўка па вуліцы Замкавай” і інш.
Асаблівую цікавасць дашкольнікаў, вучняў малодшых класаў і іншых наведвальнікаў выклікаюць прадстаўленні музейнай батлейкі. Акрамя традыцыйных пастановак на біблейскія сюжэты “Раство Хрыстова” і “Цар Ірад”, навуковымі супрацоўнікамі былі падрыхтаваны: “Велікодны цуд”, “Святы Губерт”, “Пажар у замку Вітаўта”. Прэм’ера апошняга адбылася ў 2012 годзе падчас Першага Нацыянальнага форума “Музеі Беларусі”.
Тэатралізаваная экскурсія “Марыя Апанасаўна запрашае” адбываеца ў экспазіцыі літаратурнага аддзела (Музей Максіма Багдановіча). Ад імя маці паэта наведвальнікі знаёмяцца з дзяцінствам Максіма, гродзенскім перыядам жыцця сям’і Багдановічаў, колам знаёмых Адама Ягоравіча Багдановіча (бацькі паэта), прадметамі побыту канца XIХ – пачатку ХХ стст., пакаштуюць зёлкавую гарбату, стануць удзельнікамі свецкіх гульняў, распаўсюджаных у тыя часы.
У 2013 г. навуковымі супрацоўнікамі музея быў распрацаваны цыкл музейна-педагагічных заняткаў «Калядныя сустрэчы ў музеі». Ён уключае ў сябе заняткі з дзецьмі дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту з бацькамі ці настаўнікамі і складаецца з наступных заняткаў: «Што такое Новы год?», «Зімовыя ўзоры: выцінанка», «Каляды ў музеі», «Раство Хрыстова» (прадстаўленне музейнай батлейкі), «Казкі для Дзеда Мароза» (ранішнік са Снягуркай і Дзедам Марозам у Новым замку).
З 2014 г. музей прапаноўвае новую анімацыйную праграму з элементамі экскурсіі па Новым замку «Nominis umbra» (з лац. «Цень імя»). У цэнтры ўвагі – Новы замак XVIII ст. і гісторыя жыцця апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Аповед вядзе асабісты сакратар Яго Вялікасці – Станіслаў Трэмбецкі. Якімі былі асаблівасці культуры «станіславоўскай эпохі»? Якія адносіны былі паміж Станіславам Аўгустам і Кацярынай ІІ? Якія тайны інтымнага жыцця апошняга караля ведаў італьянскі авантурыст Джакама Казанова? Дзе і пры якіх абставінах адбылося адрачэнне караля ад прастола? Усё гэта паведае Станіслаў Трэмбецкі. Кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі прадстае перад гледачамі не толькі як дзяржаўны і палітычны дзеяч, але як рэфарматар, і мецэнат.
Наведвальнікі праграмы не толькі гледачы, але і непасрэдныя яе ўдзельнікі: уявіўшы сябе свецкімі гасцямі, яны могуць прыняць удзел у модных танцах XVIII ст.
Таксама з 2014 г. стартавала музейная квэст-гульня «У пошуках скарбу». Дадзеная камандная гульня разлічана на вучняў старэйшых класаў, навучэнцаў каледжаў і студэнтаў. Камандзе ставіцца задача – адшукаць частку скарбу Стэфана Баторыя, якую, па легендзе, схавалі ў Старым замку. Падчас гульні яе ўдзельнікі адчуюць сябе гісторыкамі, краязнаўцамі, археолагамі і дэтэктывамі.
Шэраг музейна-адукацыйных праграм, экскурсій, лекцый, заняткаў надзвычай цікавы і разнастайны, што спрыяе прыцягненню да музея як багатага асяродка гістарычнай і культурнай спадчыны народа, шырокага кола наведвальнікаў не толькі з Беларусі, але і блізкага і далёкага замежжа.