ДОМ З ТАЯМНІЦАМІ
Сям’я Багдановічаў жыла ў прыгожым драўляным доме на ўскрайку горада, у доме Агульнікава, у раёне Новага свету. Жыццё сям’і было напоўнена невялікімі і значнымі падзеямі, цікавымі сустрэчамі. У доме праходзілі сустрэчы з сябрамі і суседзямі, гучала папулярная ў тыя часы музыка, вечарамі дзецям чыталі беларускія і рускія казкі і паданні. У драўляным доме Багдановічы здымалі 4 пакоі, кожны з якіх – гэта цэлы свет для маленькага Максіма.
Мэта гульні – у максімальна даступнай гульнёвай форме пазнаёміць з дзяцінствам Максіма, гродзенскім перыядам жыцця сям’і Багдановічаў і тагачасным Гродна. Інакш кажучы, адлюстраваць выхаваўчае асяроддзе, якое паўплывала на эмацыйнае і духоўнае развіццё выдатнага беларускага паэта. Мэтавая аўдыторыя – школьнікі, студэнты, дарослыя, усе, хто цікавіцца гісторыяй Гродзеншчыны і Беларусі, жыхары Гродзенскага рэгіёна і памежных тэрыторый.
Апісанне гульні. Гульня складаецца з некалькіх узроўняў і ўяўляе сабой падарожжа па мемарыяльных пакоях музея. На пачатковых узроўнях гульцы знаходзяць і адзначаюць тыя рэчы, якія адпавядаюць адказам на заданні гульні. На апошнім узроўні патрэбна сабраць усю сям’ю Багдановічаў разам, што і з’яўляецца лагічным завяршэннем гульні.